ПАЖЫ́ЎНАСЦЬ КАРМО́Ў,
уласцівасць кармоў задавольваць прыродную патрэбу жывёлы ў ежы; таксама ступень адпаведнасці колькасці і якасці засваяльнасці пажыўных рэчываў кармоў патрэбам жывёлы. Неаднолькавая для жывёл розных відаў, прадукцыйнасці і фізіял. стану. Ацэньваецца па хім. саставе кармоў, іх засваяльнасці, энергет. каштоўнасці і паўнацэннасці. Асн. паказчыкі П.к. — агульная пажыўнасць (вызначаецца ў кармавых адзінках), колькасць абменнай энергіі, пратэіну, амінакіслот, макра- і мікраэлементаў, вітамінаў. Састаў і пажыўнасць раслінных кармоў залежаць ад сорту раслін, кліматычных умоў, якасці глебы, угнаенняў, спосабаў і тэрміну ўборкі, захавання і падрыхтоўкі да скормлівання. Для практычнага выкарыстання распрацаваны спец. кармавыя табліцы, у якіх характарызуецца П.к. паводле асн. паказчыкаў.
т. 11, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)